30 гадоў спектаклю "Тэатр купца Япішкіна"!

Главная / Новости / 30 гадоў спектаклю "Тэатр купца Япішкіна"!

29 снежня на сцэне Тэатра-студыі канаакцёра – лепшы падарунак напярэдадні навагодніх і калядных святаў, легендарны спектакль “ТЭАТР КУПЦА ЯПІШКІНА”, якому ў гэтым годзе спаўняецца 30!

“Моцна камічны” кінематограф і пікантны французскі фарс, кранальная драма і гістарычная трагедыя, опера са спевамі, хорам ды самазабойствам на замежнай мове і балет з музыкай “уласнага аркестра”, шоу і суцэльныя дзівосы – усе жанры і формы мастацтва, усе сакрэты і тайны тэатральнага пазаслоння магчыма ўбачыць у гэтым спектаклі-доўгажыхары Тэатра-студыі кінаакцёра.

Ён узнік паводле аднаактовай сатыры Еўсцігнея Міровіча – таксама легендарнай асобы, акцёра, рэжысёра, драматурга, педагога, аднаго з, разам з Фларыянам Ждановічам і Уладзіславам Галубком, “кітоў” беларускага сцэнічнага мастацтва і родапачынальнікаў беларускага тэатра і нацыянальнай тэатральнай школы, барэльеф якога сёння ўпрыгоджвае фасад заснаванага ім галоўнага тэатральнага ВНУ нашай краіны – Беларускай академіі мастацтваў.

Е.Міровічу належыць прыкладна сорак мiнiяцюр. З з'яўленнем такіх яго п'ес як "Графiня Эльвiра" і "Вова прыстасаваўся" да драматурга прыйшла папулярнасць – яны сталi сапраўднымі “баевiкамi” пецярбургскiх сезонаў. Менавіта да такіх адносіцца і "Тэатр купца Япiшкiна". П’есу, першапачаткова створаную на рускай мове, пераклаў Генадзь Пашкоў, і ў 1993 годзе артысты Тэатра кінаакцёра Аляксандр Бяспалы і Уладзімір Грыцэўскі стварылі на сцэне тэатра сапраўдны цуд – знайшлі пярліну, якая папоўніла беларускую тэатральную традыцыю яшчэ адным безумоўным шэдэўрам.

Пазней крытыкі адзначалі натхненне і фантазію пастаноўшчыкаў, называлі “Япішкіна” самым смешным, сваечасовым і сучасным спектаклем у рэпертуары Мінска, з задавальненнем назіралі парадыйныя гэгі, недарэчныя сітуацыі, сатыру на мяшчанскія густы і яскравыя работы акцёраў.

Амаль трыццаць гадоў галоўную ролю гаспадара тэатра, урвіса і прайдзісвета купца Япішкіна грае нязменны, адзіны і непаўторны – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, лаўрэат спецыяльнай Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кашпераў. “Тэатр купца Япішкіна” – яго любімы спектакль, на якім артыст вылечвае ўсе хваробы, віртуозна робіць яго лёгкім, гратэскавым, рызыковым, тэмпавым. І гэта абавязкова трэба ўбачыць! Як і пастаноўшчыка Уладзіміра Грыцэўскага – усе гады нязменнага Капельмайстра і творчага кіраўніка дзейства.

У спектаклі заняты артысты Тэатра-студыі кінаакцёра Яна Хадановіч-Лапаніцына (пані Гваздзінская), Уладзімір Іваноў (Рычардаў), Ягор Лёгкін (Сладкаспеваў), Антон Жукаў (Рыбінскі), Віктар Рыбчынскі (Рабочы), Дарь’я Карпечэнкава, Ірына Мароз, Таццяна Фёдарава (балетныя), а таксама ансамбль высокапрафесійных музыкантаў.